СУКУ́ПНЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,

сума матэрыяльных даброт, створаных ва ўсіх галінах матэрыяльнай вытв-сці за пэўны прамежак часу (звычайна за год). Тэарэт. аснову С.г.п. складае марксісцкая тэорыя аб прадукцыйнай і непрадукцыйнай працы, адпаведна якой прадукт ствараецца толькі працай у сферы матэрыяльнай вытворчасці. Паводле формы і прызначэння С.г.п. падзяляецца на сродкі вытворчасці і прадметы спажывання, па вартасці — на вартасць зрасходаваных сродкаў вытв-сці, вартасць неабходнага прадукту, вартасць прыбавачнага прадукту. Паводле гэтай канцэпцыі вартасць зрасходаваных сродкаў вытв-сці прызначаецца для пакрыцця зношаных (ужытых) сродкаў вытв-сці (фонд амартызацыі) і аднаўлення абаротных сродкаў (фонд матэрыяльных затрат); вартасць неабходнага прадукту — для ўзнаўлення рабочай сілы (заработная плата, грамадскія фонды спажывання работнікаў матэрыяльнай вытв-сці), вартасць прыбавачнага прадукту — для стварэння грамадскіх фондаў спажывання астатніх пластоў насельніцтва (невытв. сац. сферы) і на расшырэнне вытв-сці (накапленне). Такім чынам, у працэсе спажывання С.г.п. падзяляецца на фонды пакрыцця, спажывання і накаплення. У цэлым гэты паказчык адлюстроўваў агульны малюнак развіцця матэрыяльнай вытв-сці. Але шэраг недахопаў у методыцы яго разлікаў (паўторнае лічэнне, неўключэнне ў сукупны прадукт паслуг невытв. сферы і інш.) скажалі эканам. паказчыкі, ускладнялі іх параўнанне з паказчыкамі інш. краін. На Беларусі з пач. 1990-х г. пры аналізе вынікаў развіцця эканомікі ўжываюцца прынятыя ў міжнар. практыцы паказчыкі валавога ўнутранага прадукту і валавога нацыянальнага прадукту, якія разлічваюцца па сукупнай вартасці канчатковай прадукцыі.

М.​І.​Платніцкі.

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)